Распачаты прыём заявак на ўдзел у 26-м ММКФ «Лістапад»

Стань удзельнікам 26-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад»!

Лістапад 2019

Распачаты прыём заявак на ўдзел у 26-м ММКФ «Лістапад», які адбудзецца з 1 па 8 лістапада 2019 года. Падача заявак на ўдзел у ММКФ «Лістапад» ажыццяўляецца ў рамках шасці конкурсных праграм:

  • Асноўны конкурс ігравога кіно;
  • Конкурс ігравога кіно «Маладосць на маршы»;
  • Асноўны конкурс дакументальнага кіно;
  • Конкурс нацыянальных кінашкол (дакументальнае кіно);
  • Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік»;
  • Нацыянальны конкурс.

Да ўдзелу ў «Лістападзе» прымаюцца поўнаметражныя карціны, створаныя за апошнія паўтара гады. Звяртаем увагу, што кароткаметражныя працы могуць прымаць удзел толькі ў Нацыянальным конкурсе і Конкурсе нацыянальных кінашкол.

Заяўкі на ўдзел у фестывалі гэтага года прымаюцца да 31 жніўня 2019 года ўключна.

З парадкам, умовамі і тэрмінамі падачы заявак можна пазнаёміцца ў раздзеле «Удзельнікам» на афіцыйным сайце Фестывалю. Палажэнне аб правядзенні 26-га ММКФ знаходзіцца ў раздзеле «Рэгламент».

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» – самая буйная і значная кінападзея Беларусі, якая праводзіцца штогод у лістападзе. З 2013 года «Лістапад»  акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсераў (FIAPF).

У фокусе асноўных конкурсаў ігравога і дакументальнага кіно – фільмы краін СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. У конкурс першых і другіх работ «Маладосць на маршы», конкурс нацыянальных кінашкол і конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» адбіраюцца лепшыя стужкі апошніх гадоў з усяго свету.

У «Лістападзе» штогод удзельнічае каля 150 фільмаў больш чым з 50 краін, адбываецца 200 паказаў на 5 пляцоўках сталіцы. Паказы фільмаў суправаджаюцца абмеркаваннем гледачоў з аўтарамі ў фармаце Q&A. Вялікую праграму дапаўняюць майстар-класы і рэтраспектыўныя паказы. ММКФ «Лістапад» штогод наведваюць да 40 000 гледачоў і больш за 100 гасцей з усяго свету.

У розныя гады на ММКФ «Лістапад» перамагалі фільмы рэжысёраў з Румыніі, Эстоніі, Венгрыі, Балгарыі, Украіны, Польшчы, Германіі і іншых краін: Раду Жудэ («Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары»), Райнэра Сарнэта («Лістапад»), Паўла Лазінскага («Бацька і сын»), Ганны Замецкай («Прычасць»), Бенэдэка Флігаўфа («Лілі Лэйн»), Сяргея Лазніцы («У тумане»), Паўла Паўлікоўскага («Іда»).

Заснавальнікамі ММКФ «Лістапад» з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagram, УКантакцеTwitter.