ДА РАДАСЦІ. «Лістапад» аб’яўляе слоган 26-га фестывалю

У папярэднія гады разам з гледачамі каманда фестывалю глядзела кіно з шырока адкрытымі вачыма, ішла насустрач натхненню і пазнавала белы свет – кожны раз слоган фестывалю адлюстроўваў асабісты падыход да ўспрымання кіно. 

Лістапад

26-ы Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе пад слоганам «Да радасці» – такім чынам мы жадаем не толькі ўшанаваць выдатнага рэжысёра Інгмара Бергмана, але і запрасіць гледачоў разам з кіно прайсці шлях пазнання сябе і навакольнага свету.

«Да радасці» – назва фільма Бергмана, дзе ў вуснах аднаго з герояў гучыць філасофскае тлумачэнне гэтага паняцця. Радасць – гэта не смех, не весялосць, не добры настрой. Радасць – гэта нешта болей, чым любоў і смерць, радасць ляжыць па той бок пазнання. Каб прыйсці да радасці, трэба прайсці праз многія выпрабаванні і хваляванні.

«Сёлета мы жадалі адысці ад асацыяцый кінафестывалю з пражэктарамі, рэжысёрскімі стульямі, мегафонамі, камерамі і астатняй кінематаграфічнай атрыбутыкай. У аснове візуала 26-га фестывалю – шлях. І гэты вобраз максімальна поўна раскрывае наш слоган “Да радасці”. Кіно – гэта шлях, падарожжа ў свет нашых пачуццяў, у свет нашага розуму, падарожжа, якое дазваляе нам крыху больш зразумець сябе. А разуменне – гэта і ёсць та самая радасць», – кажа праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў.

Шлях – адзін з самых яркіх і часцей сустракаючыхся ў кіно вобразаў. Візуал гэтага года шмат у чым адштурхоўваецца ад класічных фільмаў, у якіх шлях грае ключавую ролю. На працягу фільма як героі, так і гледачы, праходзяць шлях да гарызонта, які знаходзіцца ўжо па той бок болю, пакут, смерці; гэта рух душы да радасці.

Лістапад

Ігар Сукманаў падкрэслівае: «Як заўсёды на фестывалі мы будзем паказваць вельмі разнастайнае кіно: драмы, камедыі, меладрамы, баевікі, нацыянальныя блакбастэры. Далёка не ў кожнай карціне нас будуць чакаць хэппі-энды, але кожны фільм, так ці інакш, мае сваё філасофскае вымярэнне – мы жадаем паказаць, што любое кіно, якім бы цяжкім яно ні было, мае вышэйшую цэннасць і сваё прызначэнне. Кіно можа прымушаць плакаць, хвалявацца, злавацца, але разам з тым яно ўзвышае і надае нам высакароднасць, а значыць, набліжае да радасці».

Візуальны стыль фестывалю сёлета распрацаваны рэкламным агенцтвам Forte Grey. Forte Grey больш за 25 гадоў лідыруе на крэатыўным рынку Беларусі і спецыялізуецца на брэнд-стратэгіях, маркетынгавых камунікацыях і стварэнні крэатыўных прадуктаў. Агенцтва з поспехам прадстаўляе Беларусь на міжнародных фестывалях рэкламы і маркетынгу.

26-ы Мінскі міжнародны кінафестываль адбудзецца з 1 па 8 лістапада 2019 года.

«Лістапад» акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсераў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў, створаных у краінах былога сацыялістычнага лагера: краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, на Кубе.

Арганізатар «Лістапада» – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Заснавальнікі ММКФ – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры падтрымцы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва Forte Grey.

Сачыце за навінамі на афіцыяльным сайце, а таксама ў сацыяльных сетках Facebook, Instagram, ВКонтакте, Twitter.