Фільм «II» Улады Сяньковай: самая кранальная прэм'ера адбылася на «Лістападзе»

4 лістапада ў кінатэатры «Піянер» адбылася доўгачаканая беларуская прэм'ера фільма «II», які на Варшаўскім кінафестывалі быў уганараваны спецыяльнай згадкай журы конкурсу «Вольны дух». У рамках «Лістапада» стужка прадстаўлена ў праграме «Спецыяльныя паказы». Здымачная каманда «II» прадставіла карціну, а пасля паказу адказала на пытанні прэсы і гледачоў.

Фото: Паша Кричко

Карціна «II» створана Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» ў супрацоўніцтве з ІІТА ЮНЕСКА. Фільм распавядае пра трох 16-гадовых школьнікаў, якія сутыкаюцца з забабонамі і страхамі аднагодкаў ды дарослых.

Прэзентацыю фільма мадэраваў прадзюсар карціны Мікалай Лаўранюк. Пасля таго, як прысутныя на прэм'еры ўдзельнікі і стваральнікі фільма падняліся на сцэну, слова ўзяў рэгіянальны саветнік ЮНЕСКА па адукацыі і здароўю Тыгран Епаян: «Дзякуючы смеласці, рашучасці і таленту рэжысёра, сцэнарыста, дзякуючы энтузіязму і адкрытасці «АРТ Карпарэйшн», дзякуючы вашай падтрымцы і выдатным артыстам атрымаўся гэты фільм. Калі мы паглядзелі яго першую версію, то былі проста шчаслівыя, што так шчыра, праўдзіва, без купюр паказана тое, з чым жывуць нашы дзеці, мы, іх бацькі і настаўнікі».

Пасля аб працы над фільмам распавяла Анжаліка Крашэўская, дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн»: «Нічога ў жыцці не бывае выпадкова. Усе выклікі, якія ідуць да нас, – таксама не выпадковасць, таму што падобнае прыцягвае падобнае. Напэўна, трэба было, каб гэтая прапанова супрацоўніцтва патрапіла да нас. Тут сышліся ўсе зоркі, таму што мы па тэмпераменце вельмі падобныя да гэтай творчай групы. Спадзяюся, што такіх выпадкаў будзе больш».

Фото: Паша Кричко

Наступную гадзіну гледачы глядзелі фільм «II», які быў зняты за 6 дзён. Першапачаткова планавалася кароткаметражная стужка, але, па словах рэжысёра, усё вырасла ў поўны метр, таму што ў пэўны момант стваральнікі вырашылі не стрымліваць сябе. Тое, што фільм павінен павялічыцца па часе, стала зразумела пасля 4 дзён здымак. Па заканчэнні паказу Улада Сянькова падзякавала «АРТ Карпарэйшн» за крок насустрач і падаўжэнне здымак.

Падчас абмеркавання фільм пракаментавалі міжнародныя эксперты: сталы каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаана Казана-Вішнявецкі, адказны сакратар нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Наталля Шчасновіч, рэгіянальны каардынатар моладзевых праграм «ЮНЭЙДС» Алена Кірушына, намеснік прадстаўніка фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі Вольга Атрошчанка і намеснік прадстаўнікоў ЮНІСЕФ у Беларусі Габрыэла Акімава. Яны дзякавалі камандзе і падкрэслілі актуальнасць паказаных у фільме праблемаў падлеткаў і хвалюючых іх тэмаў.

Фото: Анна Шарко

Пасля сеансу адбыўся Q&A, дзе здымачная каманда адказала на пытанні рэжысёраў, кінакрытыкаў і гледачоў, якія таксама падзяліліся сваімі эмоцыямі. Першыя гледачы ў сваіх сацыяльных сетках адзначылі, што «там, дзе фільм «Вышэй за неба» ў свой час спыніўся, «II» пайшоў значна далей. Напэўна, для нашага грамадства зараз гэта самы актуальны айчынны фільм» (Павел Канаш, PR-менеджэр); «Я ўбачыла вельмі сумленнае кіно пра рэальнае жыццё, пра нас саміх, пра нашы сярэднявечныя страхі і непраходную ўнутраную цемру» (Анастасія Панкратава, журналістка), «Гэта, напэўна, лепшае ігравое кіно, якое я бачыў за апошнія гады» (Андрэй Куціла, рэжысёр).

Карціна «II» выйдзе ў шырокі пракат 12 снежня. Публікацыі, прысвечаныя фільму, шукайце па хэштэгу #ТолькоПапеНеГовори, а таксама – на афіцыйных старонках «II» (на сайце «АРТ Карпарэйшн», а таксама ў сацыяльных сетках @iifilm2019).

Генеральным партнёрам Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» выступае Прэміяльная картка Mastercard Беларусбанка. Картка World Mastercard Black Edition ААТ «Беларусбанк» выпускаецца ў рамках клуба прывілей Персона.

Арганізатар «Лістапада» – Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Заснавальнікі ММКФ – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры падтрымцы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз кінематаграфістаў» і рэкламнага агенцтва Forte Grey.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.