Свята маладога кіно: як абвяшчалі вынікі Конкурсу нацыянальных кінашкол

4 лістапада ў Музеі гісторыі беларускага кіно падвялі вынікі Конкурсу нацыянальных кінашкол. Найлепшым прызналі фільм Паўлы Рэйселавай «Планета Гелніца», усяго ўзнагародзілі карціны прадстаўнікоў чатырох краін.

Сёлета ў Конкурсе маладога дакументальнага кіно прынялі ўдзел 22 карціны з 15 кінашкол. Каардынатар Конкурсу Марыя Касцюковіч падзялілася ўражаннямі ад працы з рэжысёрамі-пачаткоўцамі: «Ад імя дырэкцыі фестывалю я хачу падзякаваць кожнаму ўдзельніку за тую асалоду, якую мы атрымалі, складаючы праграму гэтага конкурсу. Мы былі сапраўды ўзрушаны, здзіўлены і ўзрадаваны і якасцю прац, і тымі нечаканымі вобразамі, якія вы ўвасобілі ў іх».

Фото: Паша Кричко

Самая складаная задача выпала журы: калегія аднадушна адзначыла, што зрабіць выбар на карысць адной стужкі было вельмі складана. «Мы прысвяцілі тры цудоўныя фестывальныя дні прагляду прац маладых рэжысёраў, і момант вызначэння найлепшых быў вельмі цяжкім. Сапраўдная дакументалістыка б’е ў самае сэрца, і мы былі расчулены якасцю і зместам адабраных фільмаў, за што цалкам дзякуем арганізатарам», – адзначыла старшыня журы Жужанна Гелер-Варга. «Мы шмат спрачаліся про тое, што ўвогуле робіць фільм вартым перамогі: эмоцыі, якія ён выклікае, ці ўрок, які можа вынесці для сябе глядач? А можа быць, проста захопленасць карцінай? Мы далі сотні азначэнняў добраму кіно, каб прыйсці да агульнага і выбраць пераможцу», – дапоўніў калегу эстонскі рэжысёр і аператар Філіп Каат. «Кожная работа была вартай свайго дыплома, бо ўсе яны ўразілі нас па-свойму, і ні адна не засталася без нашай увагі і захаплення»,  – рэзюміраваў беларускі прадзюсар Майстэрні сацыяльнага кіно Канстанцін Варабей.

Фото: Паша Кричко

Першай узнагародзілі прадстаўніцу Школы дакументальнага кіно і тэатра Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава Алену Мурганаву. Яна атрымала прыз «За самую верагодную рэжысуру» за фільм «Інжынер Федаровіч» пра сваю бабулю-інжынера, якая марыла стаць балерынай. Дакументальны фільм «На сувязі» пра сляпога альпініста, яго жонку і іх сумесны подзвіг удзельніцы з Польскай нацыянальнай школы кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі Аляксандры Мачэйчык быў адзначаны «За выдатнае ўзаемадзеянне руху камеры і мантажу». Дыплом «За самае крэатыўнае рашэнне для расказу гісторыі» адправіўся да рэжысёра карціны пра індустрыяльную катастрофу «Тэрыкон» Бронтэ Сталу, выпускніка Мабільнай кінашколы DocNomads.

Фото: Паша Кричко

Галоўным прызам «За найлепшы фільм» узнагародзілі стужку пра лёс славацкага горада «Планета Гелніца» рэжысёра Паўлы Рэйселавай з Акадэміі выканаўчых мастацтваў у Браціславе. «Фільм упершыню прадстаўляўся за межамі Славакіі, і гэта яго першая ўзнагарода, што насамрэч атрымліваю не я як рэжысёр, а жыхары Гелніцы, бо менавіта яны зрабілі гэтую гісторыю», – аб’явіла пераможца.

Фото: Паша Кричко

«Ужо ўдзел у падобным конкурсе – гэта перамога для кожнага студэнта і маладога выпускніка кінашколы. Вы давялі сваю працу да канца і змаглі прадставіць яе на міжнародным кінафестывалі. Цяпер самае важнае – не спыняцца і працягваць ствараць кіно і прасоўваць яго ў свеце», – выступіў з пажаданнем Канстанцін Варабей.

Узнагароджанне і святкаванне адбылося ў нефармальнай атмасферы сярод кінаартэфактаў Музея гісторыі беларускага кіно. Удзельнікі атрымалі магчымасць пакамунікаваць з журы і дырэкцыяй, а гледачы і каманды кінашкол – падтрымаць сваіх пераможцаў.

Генеральным партнёрам Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» выступае Прэміяльная картка Mastercard Беларусбанка. Картка World Mastercard Black Edition ААТ «Беларусбанк» выпускаецца ў рамках клуба прывілей Персона.

Арганізатар «Лістапада» - Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Заснавальнікі ММКФ – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры падтрымцы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз кінематаграфістаў» і рэкламнага агенцтва Forte Grey.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце, а таксама ў сацыяльных сетках Facebook, Instagram, УКантакце, Twitter.

Тэкст: Вера Качанава

Фота: Паша Крычко