«Нашы думкі адразу супалі»: у «Піянеры» раздалі ўзнагароды «Лістападзіка»

Роўна апоўдні ў кінатэатры «Піянер» падвялі вынікі конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». Міжнароднае журы ўручыла ўзнагароды тром лепшым карцінам для моладзі. Завяршыў цырымонію пазаконкурсны фільм закрыцця «Лістападзіка» «Альфонс Цытэрбаке – адлік пайшоў».

Фото: Марина Плеско

У вестыбюлі кінатэатра «Піянер» па добрай традыцыі «Лістападзіка» гасцей сустрэлі добрыя казачныя персанажы. Гарэзная Лялечка Лол, сарамлівы Мішка Тэдзі і пацешны Адзінарожка актыўна фатаграфаваліся з дзецьмі, весялілі нават панурых малых і зазывалі гледачоў у залу. Эфектны выступ шоў-балета ператварылася ў цырымонію ўзнагароджання. Пад галасы джунгляў і танцы таямнічых прыгажунь на сцэну вынеслі запаветныя ўзнагароды, запрасілі членаў журы. «Лістападзік» завяршыўся праглядам фільма закрыцця.

Фото: Марина Плеско

Тры фестывальныя дні і сем фестывальных карцін з розных куткоў свету. Суддзі сышліся на думцы, што фестываль прадстаўляе вялікі выбар фільмаў, якія будуць цікавыя дзецям і іх бацькам. Старшыня журы, праграмны дырэктар фестывалю для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі Клара Суарэс з Аргентыны адзначыла: менавіта мастацкае, аўтарскае кіно неабходна паказваць моладзі. Беларуская рэжысёрка Улада Сянькова падзякавала «Лістападу» за свой першы досвед працы на такім маштабным форуме і пракаментавала выбар пераможцаў: «Сёння я зноў глядзела фільмы, якія мы адабралі, і я разумею, што гэта абсалютна правільнае рашэнне». Нямецкі рэжысёр Томас Хайнеман пагадзіўся з калегам: «Часам было цяжка выбіраць, але два галоўныя прызы былі вызначаны адразу ж. Я вельмі рады, што нашы меркаванні супалі».

Фото: Марина Плеско

Уладальнікаў галоўнага і спецыяльнага прызоў назвалі першымі: «Залаты Лістападзік» атрымала карціна «Маё неверагоднае лета з Тэс» Стывена Ваутерлода. Спецыяльны прыз журы дастаўся рэжысёру фільма «Булбул можа спяваць» Рыме Дас. Яна распавяла пра выпрабаванні, з якімі сутыкаецца бунтарскі дух юнацтва. Прыз за лепшую дзіцячую ролю атрымала Эмілі Б’ер, якая знялася ў фільме «Калонія» Жэнеўевы Дюлюд-Дэ Сэла. Яшчэ адна ўзнагарода папоўніла скарбонку карціны «Маё неверагоднае лета з Тэс»: журы адзначыла працу Соні ван Утэрэна як лепшую работу дарослага ў дзіцячым фільме.

Генеральным партнёрам Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» выступае Прэміяльная картка Mastercard Беларусбанка. Картка World Mastercard Black Edition ААТ «Беларусбанк» выпускаецца ў рамках клуба прывілей Персона.

Арганізатар «Лістапада» – Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Заснавальнікі ММКФ – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры падтрымцы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз кінематаграфістаў» і рэкламнага агенцтва Forte Grey.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.

Фота: Марына Пляско