Беларускі фільм пра падлеткаў «II» пакажуць на найбуйнейшым фестывалі ў Скандынавіі

Фото: Евгения Налецкая

У пятніцу ў Швецыі стартаваў 43-ці Міжнародны кінафестываль у Гётэборгу найбуйнейшы кінаагляд Скандынавіі. Беларускі фільм пра падлеткаў «II» («Два») Улады Сяньковай быў адабраны ў панараму «Пяць кантынентаў». Разам з ім у праграме прадстаўлены лаўрэаты 26-га «Лістапада»: «Злачынны чалавек» Дзмітрыя Мамуліі, «Ліліян» Андрэаса Хорвата і «Бацька» Крысціны Грозевай. Шведская прэм'ера беларускай стужкі адбудзецца 30 студзеня.

43-ці Міжнародны кінафестываль у Гётэборгу праходзіць з 24 студзеня па 3 лютага і пакажа 357 фільмаў з 89 краін. Штогод паказы фестывалю наведваюць каля 160 000 гледачоў. У гэтым годзе фестываль стаў першым з кінааглядаў, які дасягнуў гендэрнага балансу. Упершыню ў яго праграме палова адабраных фільмаў знята жанчынамі.

У асноўную праграму ўваходзяць чатыры конкурсы паўнаметражнага кіно: Скандынаўскі конкурс, міжнародны, конкурс Скандынаўскай дакументалістыкі і конкурс дэбютаў імя Інгмара Бергмана. Уладальнік Гран-пры фестывалю будзе ўдастоены «Чырвонага цмока». Штогод фестываль таксама прысуджае ганаровага «Цмока» – узнагароду за ўнёсак у кінематограф. У гэтым годзе яе атрымае Стэлан Скарсгард, які атрымаў «Залаты глобус» за ролю ў серыяле «Чарнобыль».

«Для нас удзел у кінафестывалі ў Гётэборгу – гэта вялікі гонар, бо яго можна без сумневу назваць галоўным кінафорумам Скандынавіі і адным з найбуйнейшых у свеце. Вельмі цікава, як адрэагуе шведская публіка на наш фільм. І мы вельмі рады, што міжнародны лёс карціны працягваецца, наперадзе яе чакае ўдзел і ў іншых прэстыжных міжнародных кінафестывалях», – кажа Мікалай Лаўрэнюк, прадзюсар фільма«II».

Беспрэцэдэнтную стужку Улады Сяньковай усё яшчэ можна паглядзець у кінатэатрах Беларусі. З 30 студзеня па 12 лютага «II» пакажуць у «Кастрычніку» (Барысаў), «Радзіме» (Маладзечна), «Зорка Венера» (Салігорск).

Фільм «II» распавядае гісторыю 16-гадовых Насці, Сашы і Крысціны, якія вучацца разам у дзясятым класе і жывуць звычайным жыццём падлеткаў: урокі, рэпетытары, паходы ў кіно, вечарыны. У школе пануе суровая дысцыпліна, і цяжка быць не такім, як усе. Але аднойчы гэты маленькі свет уразіць навіна, з-за якой усе страхі і забабоны вылезуць вонкі.

Сусветная прэм'ера моладзевай драмы прайшла на Варшаўскім міжнародным кінафестывалі, дзе карціна ўдастоілася Асаблівага згадвання журы. Беларуская прэм'ера адбылася ў рамках 26-га ММКФ «Лістапад», а ў снежні 2019 года фільм выйшаў у пракат. У студзені фільм увайшоў у праграму кінафестывалю «Bridges» (Брусель, Бельгія). У беларускіх СМІ стужку называюць «самым скандальным беларускім фільмам» (CityDog.by), «кіно, якое трэба паказваць ва ўсіх школах краіны» (KYKY.ORG), «кіно «IІ» – гэта тэст на тое, як мы адгукаемся на чужы боль і несправядлівасць» (Gazetaby).

Карціна «II» створана Цэнтрам «АРТ Карпарэйшн» у супрацоўніцтве з ІІТА ЮНЕСКА. Публікацыі, прысвечаныя фільму, шукайце па хэштэгу #ТолькоПапеНеГовори, а таксама – на афіцыйных старонках «II» (на сайце «АРТ Карпарэйшн» і ў сацыяльных сетках @iifilm2019).