«Адрынутыя» Ладжа Лі: прызёр Канскага фестывалю і намінант на «Оскар» – у «Лістапад. Калекцыі»

Яшчэ адзін намінант на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі выходзіць у сталічны пракат. «Адрынутыя» Ладжа Лі – крымінальная стужка пра будні паліцэйскіх, дзе праўду лепш за ўсё бачна з дрона. Неверагодна злабадзённую і бескампрамісную французскую карціну пакажуць з 30 студзеня па 5 лютага ў «Піянеры», па 12 лютага ў Falcon Club Буцік Кіно і VOKA CINEMA by Silver Screen. 30 студзеня адбудзецца спецыяльны паказ у рамках праекта «Зала №4» з кіназнаўцам і праграмным дырэктарам ММКФ «Лістапад» Ігарам Сукманавым.

Отверженные

У сумна вядомым французскім Манфермэі – прыстанку мігрантаў, злачынцаў, агрэсіўных падлеткаў і прадажных паліцэйскіх – здаецца, неверагоднымі намаганнямі быў наладжаны крохкі свет. Але падчас свята, прысвечанага перамозе Францыі на чэмпіянаце свету па футболе, чарнаскуры хлапчук Іса крадзе львянё ў мясцовым цыганскім цырку. І гэтая падзея можа прывесці да катастрафічных наступстваў...

У аснову першага паўнаметражнага фільма Ладжа Лі «Адрынутыя» легла аднайменная кароткаметражная стужка 2017 года. Рэжысёр стварыў фільм, натхніўшыся ўласнымі ўспамінамі пра жыццё ў Манфермэі і стужкай «Нянавісць» Мацьё Касавіца. Поўнаметражныя «Адрынутыя» прынялі ўдзел у двух дзясятках кінафестываляў. Сярод іх – Канскі МКФ, дзе стужка была ўдастоена прыза журы і намінавалася на «Залатую пальмавую галіну» і «Залатую камеру». Крымінальная драма таксама атрымала ўзнагароду Еўрапейскай кінаакадэміі і была намінавана на прэмію «Оскар» («Лепшы фільм на замежнай мове»).

«Мы імкнуліся працаваць па-сапраўднаму і таму супрацоўнічалі з паліцэйскімі на працягу ўсяго перыяду здымання. Калі сцэнарый быў гатовы, мы паказалі яго нашаму паліцэйскаму, каб ён мог унесці сцэнарныя праўкі, слухалі яго парады. Але мы не імкнуліся зрабіць фільм максімальна дакументальным, таму давалі сабе свабоду ў рэалізацыі нашых ідэй», – кажа пра працу над фільмам сцэнарыст Алексі Маненці, які таксама сыграў адну з галоўных роляў.

У крымінальнай драме зняўся таксама Даміен Банар, двойчы намінант на прэмію «Сезар» («Лепшы акцёр другога плана», «Самы шматабяцальны акцёр»). Мінскаму гледачу ён вядомы па фільме «Курыёса», які быў паказаны ў «Лістапад. Калекцыі» у 2019 годзе.

«Ладж Лі арудуе камерай, як скальпелем», – піша «Киноафиша». «Фільм Ладжа Лі – гэта важнае, яркае і палаючае кіно, а таксама шматслаёвая карціна», – піша Les Cahiers Du Cinema. Le Monde адзначае: «Віктар Гюго сустракае Спайка Лі. Таленавітае кіно». «Фінальныя паўгадзіны – гэта дэманстрацыя сілы кіно», – рэзюмуе PREMIERE.