З 23 студзеня ў пракаце любімы фільм Таранціна: культавы і бязлітасны «Олдбой»

Самая вядомая паўднёвакарэйская карціна – «Олдбой» – вяртаецца на вялікія экраны ў статусе культавай. Трылер пра мсціўца, які шукае праўду, прынёс рэжысёру сусветную славу і Гран-пры журы Канскага кінафестывалю. У мінскім пракаце шэдэўр карэйскага кіно выйдзе ў адрэстаўраванай 4К-версіі. Пакажуць фільм з 23 па 29 студзеня ў Silver Screen Galileo і VOKA CINEMA by Silver Screen, па 5 лютага у Falcon Club Буцік Кіно.

Олдбой

О Дэ-Су, звычайнага сем'яніна, выкрадаюць невядомыя. Ён прыходзіць у сябе ў маленькім пакоі, які стане яго турмой на доўгія гады. Хто ж так люта яго ненавідзіць, што за вар'ят прысудзіў яго да жудаснага зняволення? Праходзіць 15 гадоў, ён зноў на волі! Ён марыць аб помсце. Усё, што ў яго ёсць: бумажнік, набіты грашыма, і мабільны тэлефон, на які паступае званок ад незнаёмца, што задумаў чарговую кашмарную гульню. Перапоўнены пачуццём помсты О Дэ-Су спрабуе раскрыць д'ябальскую тайну...

«Гвалт прычыняе боль і гвалтаўніку, і ахвяры. Мая задача трансліраваць гэты боль зале. Мсціўца, нават атрымліваючы задавальненне, усё роўна адчувае сябе вінаватым вось мая асноўная думка», – кажа Пак Чхан Ук пра фільм. Помста – упадабаная тэма многіх вядомых рэжысёраў: Квенціна Таранціна, Марціна Скарсэзэ, Люка Бесона і Алехандра Гансалеса Іньярыту, але Пак Чхан Уку ўдалося паказаць яе па-свойму тонка, самабытна і глыбока.

Трылер уваходзіць у так званую «трылогію помсты» разам з фільмамі «Спачуванне спадару Помста» і «Спачуванне спадарыні Помста». У 2019 годзе на Міжнародным кінафестывалі ў Пусане Пак Чхан Ук даў майстар-клас і распавёў, што плануе працягнуць сваю трылогію пра помсту і зняць яшчэ адзін фільм – на гэты раз не ў Карэі, а на Захадзе.

Олдбой

Паўднёвакарэйскі баявік атрымаў не толькі Гран-пры журы Канскага кінафестывалю. «Олдбой» таксама быў намінаваны на «Залатую пальмавую галіну»: за яго перамогу галасаваў старшыня журы Квенцін Таранціна. Стужка Пака Чхан Ука таксама вылучалася на прэмію Screen International Award Еўрапейскай кінаакадэміі, прэміі «Сатурн» і «Жорж». Галоўную ролю ў фільме выканаў Чхве Мін-Сік, двойчы намінант на ўзнагароды Еўрапейскай кінаакадэміі ў 2013 і 2015 гадах.

Дырэктар праграм ігравога кіно «Лістапада» і кіназнаўца Ігар Сукманаў кажа: «Олдбой» пераступае межы дазволенага, але толькі на правах тэрапеўтычнага сродку для разважлівай публікі, якая прыме карціну не проста як перакручаны атракцыён, але як папярэджанне пра бомбу, якая па-здрадніцку цікае ў душы кожнага з нас». Кінакрытык Антон Долін называе «Олдбоя» «дзікім, выдатным кіно». «Неверагоднае ператварэнне гісторыі помсты ў гісторыю кахання», – піша крытык Ягор Масквіцін. Андрэй Плахаў адзначае: «Такога шалёнага драйву і такой сюжэтнай накруткі нават у посттаранцінаўскім кіно пашукаць». «Падбадзёрлівы, як аплявуха, крывавы, саркастычны і проста вельмі дзёрзкі», – рэзюмуе Аліса Таёжная.