Вы нікога не пакахаеце, пакуль не прымеце сябе: «Ён і яна» – у Falcon Club Буцік Кіно

Робаты замяняюць людзей на фабрыках, Shazam шукае выпадковыя песні, гіраскутэр змяняе таксі, а Tinder дапамагае знайсці пару… Фільм пра каханне ў эпоху інавацый і сацыяльных медыя зняў уладальнік узнагарод фестываляў у Берліне і Карлавых Варах Седрык Клапіш. Атрымаць асалоду ад стужкі «Ён і яна» – смелай і рамантычнай авантуры ў стылі «Няспячыя ў Сіэтле» – можна да 15 студзеня ў Falcon Club Буцік Кіно.

Он и Она

Ён і Яна жывуць у самым рамантычным горадзе на свеце – у Парыжы. Яны ходзяць у адну краму, вячэраюць у адным рэстаране, але ніколі не сустракаліся. Яны адзінокія і мараць знайсці сваё каханне. Ці перасякуцца іх шляхі аднойчы?

Рэжысёр фільма – Седрык Клапіш, уладальнік узнагарод фестываляў у Берліне і Карлавых Варах, прэміі «Сэзар». А яшчэ – апошні рамантык сучаснага кіно. Яго «Парыж», «Прыгажуні» або «Кожны шукае свайго ката» шмат у чым вызначаюць тое, як мы звыклі ўяўляць Парыж, горад жаданняў, пацалункаў і прагулак удваіх, нават калі мы самі не раз абышлі яго пешшу.

«Мы жывём у час высокай напружанасці, дэпрэсіі, нянавісці і канфлікту. Я адчуў, што ў такі момант трэба казаць пра неабходнасць кахання. Калі ў свеце ўсё дрэнна, адкуль узнікае гэтае жаданне сустрэць каго-небудзь, гэтая «прыцягальная сіла»? Менавіта так у маёй галаве з’явілася думка апісаць доўгае і часам хаатычнае вандраванне, якое вядзе да рамантычнай сустрэчы… Гэта «гісторыя перад гісторыяй кахання», – распавядае пра задуму рэжысёр.

Прэм’ера новага фільма Клапіша «Ён і Яна» адбылася на французскім кінафестывалі ў Ангулеме. Галоўныя ролі сыгралі Ана Жырардо («Афера доктара Нока», «Мой шлях») і Франсуа Сівіль («Фрэнк», «Мальер»). У 2019 годзе Сівіль атрымаў прыз кампаніі «Шопар» як лепшы малады акцёр. «Спачатку я не быў упэўнены, што Франсуа з яго здаровай і яркай індывідуальнасцю падыходзіць для ролі Рэмі, які мае і дэпрэсіўны бок. Але ў нейкі момант я ўзгадаў наш сумесны вопыт працы і сказаў сабе: “наперад!”», – тлумачыць Седрык Клапіш выбар акцёраў, – «А ў ролі Мэлані я не ўяўляў нікога іншага, апрача Аны».

Пра стужку «Ён і Яна» газета The Times піша: «Смелая сюжэтная авантура ляжыць у аснове драмы Седрыка Клапіша. Перад намі нібы парыжская версія «Няспячых у Сіэтле» – таксама наўмысна да апошняга адкладаецца першая галавакружная сустрэча двух рамантычных герояў». «Кранальны і аптымістычны фільм пра пошук шчасця маладымі людзьмі ў эпоху гіперпадключанасці», – дадае Cinedweller.

Пракат фільма праходзіць у рамках праекта «Лістапад.Калекцыя».