Пацешная камедыя пра сямейныя адносіны «Мой сабака Ідыёт» – у кіно з 27 лютага

«Мой сабака Ідыёт» – свежая камедыя з неверагодна шчырымі адносінамі паміж дарослымі дзецьмі і бацькамі. У фільме Івана Аталя пра сям’ю цынічнага пісьменніка знойдзецца месца не толькі для эксцэнтрычнага мастыфа, але і для жартаў пра бумераў, міленіялаў, адказнасць і пошук сябе. Чорную французскую камедыю па бестселеру Джона Фантэ «На захад ад Рыма» пакажуць толькі ў Falcon Club Буцік Кіно з 27 лютага па 11 сакавіка.

Моя собака Идиот

Пісьменнік Анры перажывае, здаецца, усе крызісы адначасова – знікла натхненне, не ладзяцца адносіны з жонкай, не атрымліваецца знайсці агульную мову з дарослымі дзецьмі. Але калі Анры распачынае пацешнае сяброўства з нахабным бяздомным сабакам, у яго з’яўляецца шанец пачаць усё з пачатку.

Для Івана Аталя «Мой сабака Ідыёт» стаў завяршэннем своеасаблівай трылогіі пра сямейныя адносіны. У 2001 годзе ён зняў фільм «Мая жонка актрыса», у 2004 годзе – стужку «Яны пажаніліся, і ў іх было шмат дзяцей».

«Я па-ранейшаму звяртаюся да тэм, звязаных са шлюбнымі парамі, а таксама з праблемамі, якія вынікаюць падчас сумеснага жыцця, і з рызыкай для сапсавання адносін», – распавядае Іван Аталь, – «Калі ў вас ёсць дзеці, вы маеце права іх кахаць, а часам і ненавідзець! Па-мойму, гэта выдатны пачатак для чорнай камедыі. Гэта пачуццё, што яны крадуць у вас ваша жыццё, саромнае, але яно вельмі чалавечнае. Гэтыя неслыханыя, непрымальныя эмоцыі цікавяць і закранаюць мяне».

Іван Аталь («Выкраданне», «Бязлітасны свет») выступіў не толькі рэжысёрам карціны, але і выканаўцам галоўнай ролі. «Я думаў, ці не хачу я запрасіць выканаць ролю Анры якога-небудзь іншага акцёра, але потым зразумеў, што страшна хачу сыграць яе сам, разам з Шарлотай. Адыгрываючы гэтую пару, мы гуляем з нашым кінематаграфічным мінулым, з тым, што гледачы чыталі пра вядомых людзей у глянцавых часопісах, з тым, што, на іх думку, яны ведаюць». Ролю Сесіль, якая стамілася ад шлюбу з лянівым і эгаістычным пісьменнікам, сыграла Шарлота Генсбур («Антыхрыст», «Німфаманка», «Калядны пірог»). Генсбур – уладальніца Срэбранай прэміі за найлепшую жаночую ролю Канскага фестывалю («Антыхрыст»), лаўрэат прэміі «Сезар» і намінантка на прэмію «Сатурн».

«Аталь аддае ўсяго сябе дзеля кожнай сцэны, назіраць за гэтым стрыптызам крыху няёмка, чужое няшчасце натхняе толькі спачатку, няўдачнікі заўсёды паміраюць пры пустой зале. А вось іх лірычныя героі – пад стаячую авацыю, якую выпакутаваная карціна Аталя сапраўды заслугоўвае», – піша кінакрытык Зінаіда Прончанка, «Кино ТВ». «Камедыя Івана Аталя – вытанчаная, яскравая, зробленая з душой і разуменнем героя», – падкрэслівае CoolConnections.