Звадзі маму ў кіно: у пракат выходзіць маладзёжная камедыя «Мае думкі ціхія»

Фільм-прарыў украінскага кіно «Мае думкі ціхія» пакажуць у «Лістапад. Калекцыі». Кінадэбют Антоніа Лукіча – свежая і вынаходлівая камедыя, заснаваная на рэальных падзеях. На 26-м ММКФ «Лістапад» карціна была ўдастоена спецыяльнага згадвання журы конкурсу «Маладосць на маршы». Убачыць «Мае думкі ціхія» можна з 27 лютага па 4 сакавіка ў «Піянеры», Silver Screen Galileo, VOKA Cinema by Silver Screen і па 11 сакавіка ў Falcon Club Буцік Кіно.

Мои мысли тихие

Дваццаціпяцігадовы Вадзім жыве тым, што запісвае і прадае самыя розныя гукі. Зрэшты, ён з радасцю аддаў бы ўсё, што мае, за магчымасць пачаць жыццё нанова ў далёкай і цудоўнай Канадзе. Таму ён, не раздумваючы, пагаджаецца на работу, якая можа ажыццявіць яго мару. Вадзім адпраўляецца запісваць гукі жывёл і рэдкіх птушак у Закарпацце. Аднак сітуацыя крыху ўскладняецца тым, што кампанію Вадзіму ў падарожжы складзе яго мама…

«Мае думкі ціхія» – поўнаметражны дэбют Антоніа Лукіча. Яго дыпломны фільм «У Манчэсцеры ішоў дождж» быў названы найлепшай кароткаметражнай стужкай на міжнародным кінафестывалі ў Адэсе ў 2016 годзе.

«Наша гісторыя адбываецца на скрыжаванні розных жанраў. Прахалода драмы і цеплыня камедыі сустракаюцца ля самай крыніцы трапасферы. Мы размаўляем з гледачом на агульнай мове драмы і камедыі. Наш голас нараджаецца ў буфернай зоне паміж «паветранымі масамі» сумнага і смешнага. У процівагу ідзе наша музыка. Канфлікт параджаецца атмасферай фільма. Паўза дасягаецца дзеяннем. Вясна дадае фарбы. Дарога стварае рытм. Тэмпература нашага паветра складае 16–18 °C. У сюжэце магчыма пераменная хмарнасць, моцныя ападкі не прагназуюцца», – распавядае Антоніа Лукіч пра «Мае думкі ціхія».

Карціну «Мае думкі ціхія» у 2019 годзе на МКФ у Карлавых Варах узнагародзілі спецыяльным прызам журы конкурсу «Да Усходу ад Захаду». На кінафестывалі ў Адэсе стужка атрымала Прыз ФІПРЭСІ як найлепшы ўкраінскі поўнаметражны фільм, прэмію за найлепшую жаночую ролю, прыз глядацкіх сімпатый, а таксама спецыяльнае згадванне журы (Андрэй Лідагоўскі). На 26-м «Лістападзе» карціна таксама ўдастоілася спецыяльнага згадвання журы конкурсу «Маладосць на маршы» («За творчы падыход у даследаванні новых спосабаў распавесці пра сваю краіну»). На працягу пяці дзён фестывалю фільм трымаўся ў топе глядацкага галасавання.

«Глядзець гэты фільм цікава, бо пачынаеш разумець, як можа выглядаць маладое і свежае кіно ў краіне, якая так падобна на нашу. І назіраеш за тым, як шлях да Закарпацця становіцца насамрэч дарогай да самога сябе», – падкрэслівае Afisha.tut.by. «Антоніа Лукіч – без сумневу той рэжысёр, які народжаны здымаць камедыі. Перавага Антоніа Лукіча – у яго парадаксальным мысленні, творчай раскаванасці, дасціпнасці – маёй улюбёнай сцэнай з’яўляецца наведванне галоўнымі героямі спа-курорта ва Ужгарадзе, калі мясцовая dolce vita дэманструецца пад саўндтрэк амерыканскага рэпера Lil Peepa», – піша газета «Культура».