Катрын Дэнёў, Жульет Бінош і Ітан Хоўк – у адкрытай «Праўдзе» Хіракадзу Карээды

У пракат «Лістапад. Калекцыі» выходзіць «Праўда» – першы фільм Хіракадзу Карээды, зняты за межамі Японіі. У ім класік японскага кіно пытаецца ў гледача: Што робіць сям'ю сям'ёй? Як можна выбіраць паміж жорсткай праўдай і хлуснёй на карысць? Фільм адкрыцця Венецыянскага кінафестывалю прызнанне ў любові акцёрскаму таленту і актрысе Катрын Дэнёў, якая выканала адну з самых адкрытых роляў за сваю кар'еру. Паглядзець стужку можна з 6 па 19 лютага ў Falcon Club Буцік Кіно.

47345 (1).jpg

Фабіен – французская кіназорка і аб'ект мужчынскага пакланення. Пасля публікацыі шчырых мемуараў актрысы ў Парыж з Нью-Ёрка вяртаецца яе дачка Люмір разам з амерыканскім мужам і дзіцём. Сустрэча маці і дачкі ператвараецца ў адкрытую канфрантацыю: выяўляецца праўда, выходзяць вонкі старыя крыўды, абвінавачванні гучаць ва ўнісон прызнанням у каханні...

«У аснове сцэнарыя ляжыць п'еса, якую я пачаў пісаць у 2003 годзе. Яе дзеянне адбывалася ў грымёрцы тэатральнай актрысы, якая знаходзілася на сконе сваёй кар'еры. У выніку гэта п'еса трансфармавалася ў сцэнарый фільма пра кінаактрысу і яе дачку, якая адмовілася ад мары пайсці па слядах маці. Мне хацелася зняць не проста сур'ёзны фільм, а шчырае кіно, дзе суіснуюць драма і камедыя, як і ў рэальным жыцці», – кажа рэжысёр.

Для Хіракадзу Карээды «Праўда» – першы фільм з еўрапейскімі акцёрамі і зняты не ў Японіі. Мінчане ўпершыню ацанілі яго ў секцыі «Майстар-клас» 26-га ММКФ «Лістапад». У ліку самых вядомых работ рэжысёра – сямейныя драмы «Сын у бацьку» (Прыз журы Канскага МКФ) і «Дзённік Умімаці» (прэміі Японскай кінаакадэміі за «Лепшую рэжысуру» і «Лепшы фільм»). Фільмы Карээды «Трэцяе забойства» і «Цуд» таксама паказваліся ў рамках Тыдня японскага кіно ў Мінску. Папярэдняя карціна Карээды «Магазінныя зладзюжкі» ўдастоілася «Залатой пальмавай галіны» Канскага МКФ і намінацыі на прэмію «Оскар».

Рэжысёр сабраў не толькі па-сапраўднаму зорны акцёрскі склад – Катрын Дэнёў, Жульет Бінош, Ітан Хоўк, – але і бліскучую здымачную каманду. Музыку для фільма напісаў расійскі кампазітар Аляксей Айгі. У 2016 годзе ён стварыў саўндтрэк для карціны Рауля Пека «Я вам не негр», намінаванай на прэмію «Оскар» як лепшы дакументальны фільм. Аператарам фільма выступіў Эрык Гацье («Попел беласнежны»), а мастаком па касцюмах – Паскалін Шаван («Проксіма», «Па волі божай»).

«Адна з найвялікшых работ Катрын Дэнёў. Карээда змог трансфармаваць яе вобраз гранд-дамы ў нешта больш складанае, трагічнае і дзёрзкае. За гэтую ролю яна заслугоўвае ўсіх узнагарод», – падкрэслівае Times. Indiewire піша: «У гэтай разумнай і бязважкай драме Карээда вяртаецца да сваіх любімых тэм і пад новым вуглом разглядае праблемы сучаснай сям'і». «Фільм валодае ўсімі якасцямі, якія сталі візітнай карткай Карээды: ён дасціпны, адкрыты і сардэчны», – рэзюмуе Hollywood Reporter.