Альянс моды і кіно: эксклюзіўны паказ фільма «Неверагодная» з фэшн-экспертамі

Самы модны італьянскі рэжысёр Лука Гуаданьіна ідзе на тэрыторыю «ад куцюр». 15 лютага ў кінатэатры «Цэнтральны» адбудзецца эксклюзіўны паказ яго новага фільма «Неверагодная». Стужка ад стваральніка «Назаві мяне сваім імем» і «Суспірыі» фэшн-падарожжа па хвалях памяці з Джуліянай Мур і Міяй Гот. Аўтарам ідэі стаў П'ер Паола Пічолі, крэатыўны дырэктар моднага дома Valentino. Пасля паказу гледачоў запрашаюць на дыскусію «Каму і навошта патрэбен «ад куцюр»?». Разам з культуролагам і фэшн-экспертамі пагаворым пра тое, што натхняе дызайнераў і для каго ствараецца тая самая высокая мода.

9482e054d16b168d1b6c6f966f0e54d7.jpg

Па сюжэце Нью-Ёркская пісьменніца Франчэска (Джуліяна Мур) на адным са свецкіх прыёмаў выпадкова бачыць карціну сваёй маці-мастачкі, і гэты даўно забыты твор абуджае ў ёй цэлы калейдаскоп успамінаў. Тады Франчэска адпраўляецца да маці ў Італію, дзе яе дзіцячыя гульні з фарбамі, тканінамі і ценямі, яе першае каханне і першыя страхі зноў ажываюць у сценах роднага дому.

У траўні 2019 года сусветная прэм'ера «Неверагоднай» адбылася на Канскім кінафестывалі ў праграме «Двухтыднёвік рэжысёраў». У галоўных ролях зняліся Джуліяна Мур («Гадзіны», «Усё яшчэ Эліс»), Кайл Маклахлен («Дзюна», «Сіні аксаміт») і Міа Гот («Німфаманка», «Вышэйшы свет»). Акцёрскі склад дапоўнілі Марта Келер, Кікі Лэйн і Альба Рорвахер.

Лука Гуаданьіна – італьянскі рэжысёр, чый дэбютны поўнаметражны фільм «Пратаганісты» атрымаў на Венецыянскім кінафестывалі 1999 года дзве ўзнагароды, як і яго стужка «Вялікі ўсплёск». Аператар «Неверагоднай», Сэйамбху Мукдзіпром, раней ужо працаваў з Лукой Гуаданьіна над стварэннем фільмаў «Суспірыя» і «Назаві мяне сваім імем».

01c783497e6addc7fe0912314ebc5f85.jpg

«Я заўсёды любіў кіно і ў юнацтве марыў стаць рэжысёрам. Калі я адкрыў для сябе моду і яе наратыўную прыроду, я вырашыў стаць дызайнерам. Для мяне гэта стала сапраўдным развіццём мары. Фільм «Неверагодная» зняў мой сябар, рэжысёр Лука Гуаданьіна. Гэта работа здзейсніла маю мару і дазволіла злучыць тое, што я люблю больш за ўсё: моду і кіно», – кажа прадзюсар фільма і крэатыўны дырэктар Valentino П'ер Паола Пічолі.

Музыку да фільма напісаў Руіці Сакамота – японскі кампазітар, які супрацоўнічаў з Дэвідам Боўі і Дэвідам Сілвіанам. Сакамота таксама з'яўляецца аўтарам саўндтрэкаў да фільмаў «Шчаслівых Калядаў, містэр Лоўрэнс», «Выжылы», «Апошні імператар». Кампазітар двойчы ўдастоены «Залатога глобуса» і з'яўляецца лаўрэатам прэміі «Оскар».


Фільм прадставіць кіназнаўца і праграмны дырэктар ММКФ «Лістапад» Ігар Сукманаў, а пасля паказу гледачоў запрашаюць на абмеркаванне з экспертамі. У дыскусіі «Каму і навошта патрэбен «ад куцюр»?» удзельнічаюць культуролаг Таццяна Зайдаль, фэшн-эксперт Марыя Пагарэлава і персанальны стыліст Наталля Лапіна. Спікеры прапануюць пагаварыць пра тое, як высокая мода пераносіцца на мову кіно, што такое Дом моды Valentino, дзе дызайнеры знаходзяць натхненне і каму ў выніку патрэбна адзенне «ад куцюр».

Паўторны паказ «Неверагоднай» пройдзе 17 лютага ў «Цэнтральным». Інфармацыя пра сеанс будзе дапоўнена. Сачыце за абнаўленнямі на сайце «АРТ Карпарэйшн» і ў сацыяльных сетках. Набыць квіткі можна ў касе кінатэатра і на сайце аператара ByCard.