Самы незвычайны фільм Кан-2019 – вострасюжэтны неа-нуар «Свістуны» – выходзіць у пракат

Дасціпны і крывавы неа-нуар ад аднаго з самых арыгінальных рэжысёраў сучаснасці Карнэліу Парумбою выходзіць у «Лістапад. Калекцыі» 20 лютага. На Мінскім МКФ розных гадоў паказваліся чатыры карціны рэжысёра. Паглядзець стужку аднаго з лідараў «новай хвалі» румынскага кінематографа, у якой гангстары размаўляюць на мове свісту, можна да 26 лютага ў кінатэатрах «Піянер», Silver Screen Galileo, VOKA CINEMA by Silver Screen, і да 4 сакавіка ў Falcon Club Буцік Кіно.

Свистуны

Крысці, карумпаваны паліцэйскі з Бухарэста, моцна закахаўся ў прыгожую Гілду, ракавую жанчыну, звязаную са злачынным бізнесам. Дзеля яе ён гатовы на любую авантуру. Крысці мае намер адправіцца на сонечны востраў Гамера, каб вызваліць з турмы нячыстага на руку бізнесмена. Але для здзяйснення смелага плана ён павінен вывучыць мясцовы гангстарскі дыялект з цяжкавымаўляльнымі свісцячымі і шыпячымі гукамі.

Думка зрабіць фільм пра свістуноў прыйшла да рэжысёра пасля рэпартажу пра свісцячую мову сільба гамера, якой карыстаюцца жыхары вострава Гамера. Карнэліу Парумбою кажа: «Даведаўшыся пра сільба гамера, я адразу падумаў, што яна дае магчымасць раскрыць тэму мовы зусім па-іншаму. Персанажы «Свістуноў» дзейнічаюць у свеце дакладных меркаванняў і поглядаў на жыццё, у свеце, дзе ўсе пастаянна сілай навязваюць іншым сваю пазіцыю і дзе аб усім трэба дамаўляцца. Сакрэтная мова для тых, хто ёй валодае, з’яўляецца больш прыдатным сродкам для сапраўдных, шчырых размоў, дазваляе вырвацца з-пад цяжару напружаных чалавечых узаемаадносін і захаваць чыстасардэчнасць».

Карнэліу Парумбою – адзін з самых арыгінальных рэжысёраў сучаснасці. Яго стужкі шэсць разоў атрымлівалі ўзнагароды на МКФ у Канах, у тым ліку прыз журы конкурсу «Асобны погляд», прыз ФІПРЭСІ і «Залатую камеру» за лепшы рэжысёрскі дэбют. У рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у розныя гады паказваліся яго карціны «Бясконцы футбол», «Скарб» і «Калі ў Бухарэсце надыходзіць вечар, або Метабалізм». Апошняя атрымала прыз журы асноўнага конкурсу ігравога кіно.

Сусветная прэм’ера крымінальнай камедыі «Свістуны» Карнэліу Парумбою адбылася на Канскім кінафестывалі, дзе стужка была намінавана на «Залатую пальмавую галіну». «Свістуны» таксама прынялі ўдзел у 18 кінафестывалях, у тым ліку ў МКФ у Сіднэі, Таронта, Лондане і Ротэрдаме. У Мінску карціна ўпершыню была паказана ў рамках 26-га ММКФ «Лістапад» у пазаконкурснай секцыі «Без пяці хвілін Оскар».

У галоўнай ролі зняўся Улад Іваноў, вядомы гледачу «Лістапад. Калекцыі» па карцінах «Скрозь снег» Пона Чжун Хо, «Тоні Эрдман» Марэн Адэ і «Захад» Ласла Немеша. Ролю Гільды сыграла Катрынэль Марлон («Страшныя казкі»).

Расійскі кінакрытык Антон Долін называе новую стужку Парумбоу «самым дзіўным фільмам Канскага фестывалю». «Свістуны» – новае вымярэнне камедыйнага неа-нуара», – піша «Искусство кино». «Дзіўнае кіно, падобнае на «Як украсці мільён» і «Адзінаццаць сяброў Оўшэна», – рэзюмуе «Кинопоиск».