БЕРЛІНАЛЕ 2020: ВЫНІКІ ЕЎРАПЕЙСКАГА КІНААГЛЯДУ З КАМЕНТАРАМІ ІГАРА СУКМАНАВА

29 лютага ў сталіцы Германіі падвёў вынікі 70 Берлінскі міжнародны кінафестываль. У гэты раз ад «Лістапада» на Берлінале працавала цэлая дэлегацыя: дырэктар праграм дакументальнага кіно Ірына Дзям'янава, дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў, памочнік праграмнага дырэктара Юлія Самайлоўскіх і фатограф Павел Крычко. Мы папрасілі Ігара Сукманава пракаментаваць праграму, узнагароды, скандалы і ўсё самае цікавае.

Фото: Павел Кричко

Пра фестываль і работу новай дырэкцыі

«Да 70-га Берлінале была асаблівая ўвага – фестываль юбілейны, упершыню праявіла сябе ў працы новая дырэкцыя. Гэта было галоўнай інтрыгай. Якім чынам Карла Шатрыян (да гэтага ён займаўся фестывалем у Лакарна) і яго новая каманда змогуць выступіць у якасці заправіцеляў фестывальнага руху ў Берліне, ці будуць рэформы, перавароты, ці стане фестываль іншым? Амаль да самага фіналу гэтыя пытанні луналі ў паветры. Праграма арганічна пераклікалася з тым кантэнтам, які быў у ранейшыя гады. Нават наведвала грэшная думка, ці не занадта арганічна?

Фото: Павел Кричко

З'явілася новая конкурсная праграма Encounters, якая прызвана заахвочваць смелыя працы незалежных рэжысёраў. Яна сугучна ўжо вядомым Forum і Panorama. Чатыры яе ўдзельніка былі адзначаны прызамі, галоўная ўзнагарода праграмы дасталася фільму «Праца і дні (Таёка Сіядзіры ў даліне Сіятані)» – эксперыментальнай васьмігадзіннай карціне, якая адлюстроўвае жыццё маленькай японскай вёскі ў прэфектуры Кіёта».

Пра праграму

«Насамрэч канцэптуальны малюнак (у гэтым і заключаецца мастацтва праграмавання) выявіўся ў самы апошні момант. Пасля прагляду ўсёй праграмы можна з упэўненасцю сказаць, што 70-ты Берлінале адбыўся і стаў адным з самых яркіх фестываляў за апошнія 10-15 гадоў. Можна прасачыць важную тэндэнцыю ў пабудове праграмы. Яна ішла ад кінематографа прыватных гісторый, неабавязковых жанравых практыкаванняў да карцін з глабальным бачаннем свету. Ад персанальных чалавечых праблем і фабій да агульназначных. Гэта вельмі разумны прафесійны падыход».

Фото: Павел Кричко

Пра ўзнагароды

Міжнароднае журы на чале з Джэрэмі Айрансам ганаравала галоўнай узнагародай Берлінале фільм Махамада Расулофа «Тут няма зла», зняты ў капрадукцыі Германіі, Чэхіі, Ірана.

«Было зразумела, што пераможа іранская карціна, паказаная апошняй. Яна падвяла вынік пад усё, што было паказана раней. Не буду казаць, што карціна выбітная, але яна адстойвае прынцыпы Берлінскага кінафестывалю – асвятленне сацыяльных пытанняў, грамадскага ладу. У фільме «Тут няма зла» гэта тэма смяротнага пакарання, несвабоды ў шчаслівым з выгляду грамадстве, якое ўтойвае свае заганы. Плюс да ўсяго рэжысёр знаходзіцца ў лагеры дысідэнтаў, змагароў, у статусе палітвязня. У гэтым фільме прысутнічае агульнаграмадзянскі пафас. Пытанні смяротнага пакарання і палітычных рэпрэсій не маюць двухзначных адказаў, гэта можа быць толькі адказ "не". Аднак у ім ёсць і свая паэзія – супраціўляцца гэтаму амаль немагчыма.

Рашэнне журы на чале з Джэрэмі Айрансам можна назваць адным з самых узважаных. Яно стала вытанчаным брытанскім палітэсам, калі радыкальныя рашэнні не выпускаюцца з-пад увагі, але заслугоўваюць сваю нішу ў ацэнцы».

Фото: Павел Кричко

Гран-пры журы дасталася Элайзе Хітман за фільм «Ніколі рэдка часам заўсёды» – раней карціна прымала ўдзел у фестывалі Сандэнс, дзе атрымала ўзнагароду U.S. Dramatic Special Jury Award.

«Яшчэ адно выдатнае рашэнне журы. Элайза Хітман для большасці – цёмны конік фестывальнай гонкі, прадстаўнік незалежнага амерыканскага кінаістэблішменту. Дадзены фільм у некаторым сэнсе гатовы прымірыць антыподаў. Гэта актуальнае жаночае кіно, з тэмамі аборту, крохкасці жаночага свету і жаночай салідарнасці. Пры гэтым карціна не спрабуе нікога сутыкаць ілбамі і маляваць свет у чорна-белым колеры, і безумоўна заслугоўвае гран-пры за сваю акварэльнасць і назіральную тонкасць на мяжы дакументальнага, чыстага сінема верытэ, дзе натуральнасць раўназначна імправізацыі».

Лепшым рэжысёрам журы фестывалю прызнала карэйца Хон Сан Су – пастаноўшчыка стужкі «Жанчына, якая бегла».

«Берлін у гэты раз зрабіў акцэнт на асобных рэжысёрах, працы якіх носяць адценне абсалютнага аўтарства і наймацнейшага супраціўлення чаканням гледачоў. Вельмі здорава, што гэтая праца атрымала прыз за рэжысуру».

Спецыяльны прыз юбілейнага Берлінале быў прысуджаны французскай стужцы «Выдаліць гісторыю» Бенуа Дэлепіна і Густава Керверна. 

«Выдаліць гісторыю» – выдатная французская камедыя, якая змагла аб'яднаць аўдыторыю здольнасцю смяяцца над дзівацтвамі камп’ютарызаванай прасторы, дзе мы апынаемся неабароненымі, недарэчнымі, абсурднымі ў вачах бесправаднога свету. Калі мы глядзім гэты фільм, то ўсміхаемся, пазнаючы сябе. Чалавек – вянец стварэння, але хто мы без вайфая? Мы губляем сваю інтымную гісторыю і ахову. Усе нашы слабасці пачынаюць дзейнічаць супраць нас саміх, але вінаватыя ў гэтым толькі мы і больш ніхто».

Сярэбраныя мядзведзі лепшаму акцёру і лепшай актрысе дасталіся Эліа Германа за фільм «Тыя, што хаваюцца» Джорджа Дзірыці і Паўле Бір за «Ундзіну» Крысціяна Петцольда. Апошняя стужка таксама была ўдастоена прыза Міжнароднай асацыяцыі кінапрэсы FIPRESCI. Узнагароду за лепшы сцэнарый атрымалі Фабіа і Даміяна Д'Іначэнца – аўтары фільма «Дрэнныя казкі».

Фото: Павел Кричко

Пра лепшае ў Encounters

Лепшым рэжысёрам новай праграмы Encounters стаў Крысці Пую за фільм «Мальмкрог».

«Крысці Пую – лідар еўрапейскага кінематографа, румынскай хвалі, усе яго фільмы без выключэння можна ўпісаць у залаты фонд кіно. Гэтую гістарычную карціну ўсе чакалі. Гэта баляванне для інтэлектуальнага розуму і вока. У аснове – філасофскія дыспуты на тэму жыцця і смерці, філасофія Уладзіміра Салаўёва (аўтара пачатку XX стагоддзя). Гэта такі еўрапейскі кайдан з водгуллем Бунюэля, Аменабара («Іншыя»), містычны і шматслаёвы. Чарговы трыумф Берлінале і пацвярджэнне таго, што ўсе галасы былі пачутыя, адчутыя і заслужана ўзнагароджаныя. На 70-м Берлінале ўсе нашы трывогі атрымалі выдатную развязку».

Фото: Павел Кричко

Пра скандалы

«Галоўным фільмам і галоўнай падзеяй фестывалю стаў эксперыментальны «ДАУ. Наташа» Іллі Хржаноўскага. Нават няправільна называць яго фільмам, гэта эпічны фрагмент, асколак грандыёзнага праекта. Журы асноўнага конкурсу прысудзіла прыз за выбітны мастацкі ўнёсак аператару фільма – немцу Юргену Юргесу. Вяліся разлютаваныя спрэчкі, у тым ліку ўнутры расійскага лагера, – гэты вядомы адкрыты ліст, які быў накіраваны ў дырэкцыю фестывалю з просьбай разабрацца, якім чынам фільм, які парушае этычныя нормы, трапіў у праграму. На гонар фестывалю, зараз гэтыя думкі не ўзялі верх, як гэта здарылася ў Канах (Ларс фон Трыер быў абвешчаны персонай нон грата за постмадэрнісцкае выказванне пра Гітлера).

Той факт, што журы адзначыла «ДАУ. Наташа» ўзнагародай аператару за выбітныя заслугі, – для мяне гэта акт добрай волі і перамога мастацтва ў свеце бясконцых кампрамісаў. Гэта вельмі важнае рашэнне ў эпоху неакансерватызму, калі добрымі намерамі спрабуюць звесці складаную прыроду чалавека і свету да чорна-белых прынцыпаў: так ці не, добра ці дрэнна. У гэтым кантэксце, прысуджэнне карціне вышэйшай узнагароды паставіла б пад пагрозу не толькі дзейнасць дырэкцыі, але і самага радыкальнага напрамку кіно. Гэтым філігранным рашэннем журы выйграла вельмі тонкую шахматную партыю, такога ўжо даўно не назіралася на розных фестывалях. Гэта найвышэйшы пілатаж дыпламатыі, непадпарадкаванне кан'юнктуры часу і карцінам, якія падладжваюцца пад публіку».

 Фото: Павел Кричко

Лаўрэаты Берлінале 2020


Залаты мядзведзь найлепшаму фільму

«Тут няма зла», Германія, Чэхія, Іран

Рэжысёр Махамад Расулоф

 

Сярэбраны мядзведзь – Гран-пры журы

«Ніколі рэдка часам заўсёды», ЗША

Рэжысёр Эліза Хітман

 

Спецыяльны прыз Сярэбраны мядзведзь 70 Берлінале

«Выдаліць гісторыю», Францыя, Бельгія

Рэжысёры Бенуа Дэлепін і Густаў Керверн

 

Сярэбраны мядзведзь за найлепшую рэжысуру

Хон Сан Су – «Жанчына, якая бегла», Карэя

 

Сярэбраны мядзведзь найлепшай актрысе

Паула Бір – «Ундзіна», Германія, Францыя

 

Сярэбраны мядзведзь найлепшаму акцёру

Эліа Джэрмана – «Тыя, што хаваюцца», Італія

Сярэбраны мядзведзь за найлепшы сцэнарый

Фабіа Д'Іначэнца, Даміяна Д'Іначэнца – «Дрэнныя казкі», Італія, Швейцарыя

 

Сярэбраны мядзведзь за выбітны мастацкі ўнёсак

Юрген Юргес – «ДАУ. Наташа»

 

Залаты мядзведзь найлепшаму кароткаметражнаму фільму

«T»

Рэжысёр Кейша Рэй Уізерспун

 

Сярэбраны мядзведзь – Прыз журы (кароткаметражны фільм)

«Filipiñana»

Рэжысёр Рафаэль Мануэль

 

Прэмія за найлепшы дакументальны фільм

«Апраменены», Францыя, Камбоджа

Рэжысёр Рыці Панх

 

Найлепшы фільм (праграма Encounters)

«Праца і дні (Таёка Сіядзіры ў даліне Сіятані)»

Рэжысёры С. В. Вінтэр, Андэрс Эдстром

 

Найлепшы рэжысёр (праграма Encounters)

Крысці Пую – «Мальмкрог»

 

Спецыяльны прыз журы (праграма Encounters)

«Праблемы з нараджэннем»

Рэжысёр Сандра Вольнер

 

Audi Short Film Award

«Геній месца»

Рэжысёр Адрыен Мерыго

 

The GWFF Best First Feature Award

«Los conductos»

Рэжысёр Каміла Рэстрэпа


Прызы Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы (ФІПРЭСІ)

Асноўны конкурс: «Ундзіна», Германія, Францыя. Рэжысёр Крысціян Петцольд

Encounters: «Метамарфозы птушак», Партугалія. Рэжысёр Катарына Васконселас

Panorama: «Магол Маўглі», Вялікабрытанія. Рэжысёр Басам Тарык

Forum: «Дваццатае стагоддзе», Канада. Рэжысёр Мэцью Ранкін


Фота: Павел Крычко

Тэкст запісала Таццяна Зайдаль