K-movie: «Уікэнды з кіно Паўднёвай Карэі. Мастацтва і экстрым» з 14 сакавіка ў кінатэатры «Піянер

Карэйскае кіно як ніколі ў трэндзе! Пасля неверагодна паспяховых «Уікэндаў з Бергманам» мы запускаем новы праект «Уікэнды з кіно Паўднёвай Карэі. Мастацтва і экстрым». З 14 сакавіка па 5 красавіка запрашаем паглядзець і абмеркаваць з Ігарам Сукманавым 8 аўтарскіх паўднёвакарэйскіх стужак. Вас чакаюць трылеры, дэтэктывы, экшн, фантастычныя і скандальныя фільмы ад знакамітых рэжысёраў. Некаторыя з іх упершыню пакажуць на вялікім экране. Стартуюць паказы ў «Піянеры» ўікэндам з оскараноснымі «Паразітамі» і прабіраючым да костак «Палаючым», аб'яднаных папулярнай для кіно Паўднёвай Карэі тэмай сацыяльнай няроўнасці, што прыводзіць да нечаканых вынікаў.

Уикенды с кино Южной Кореи. Искусство и экстрим

Пачнуцца ўікэнды з фільма-трыумфатара мінулага «Оскара» і Канскага кінафестывалю «Паразіты» Пона Чжун Хо. Драма з элементамі камедыі пра класавую няроўнасць заваявала ўзнагароды Амерыканскай кінаакадэміі ў чатырох намінацыях, у тым ліку «Лепшы фільм», і галоўны прыз Канскага кінафестывалю – «Залатую пальмавую галіну».

Паводле сюжэта, у сям'і Кі Тэк змрочныя перспектывы – усё чацвёра беспрацоўныя. Сітуацыя мяняецца, калі старэйшага сына, Гі Ву, рэкамендуюць на высокааплатную пасаду рэпетытара. Ён робіць фальшывыя дакументы аб адукацыі і прыходзіць у раскошны дом бізнесмена містара Пака. Ён робіць добрае ўражанне, даведваецца пра яшчэ адну адкрытую вакансію, і ў яго з'яўляецца вельмі незвычайны план па працаўладкаванню сястры.

У нядзелю вас чакае захапляльны псіхалагічны трылер «Палаючы» Лі Чхан-дона. На 71-м Канскім кінафестывалі фільм атрымаў самыя высокія адзнакі крытыкаў і намінацыю на «Залатую пальмавую галіну». Стужка створана па аповеду Харукі Муракамі «Спаліць хлеў». Сам пісьменнік-сюррэаліст паўдзельнічаў у стварэнні стужкі і выступіў адным з яе сцэнарыстаў.

Малады пісьменнік Джон-су сустракае прыгажуню Хэ-мі, з якой яны разам раслі. У яе жыцці шмат што змянілася, зараз яна ляціць у Афрыку і пакідае Джон-су сваю кошку. З Афрыкі Хэ-мі вяртаецца з новым сябрам па імені Бэн, які вядзе жыццё сапраўднага Гэтсбі. У гэтага Бэна, здаецца, няма заган, затое ёсць незвычайнае таемнае хобі, даведаўшыся пра якое, Джон-су страчвае спакой.

Поўная праграма «Уікэнды з кіно Паўднёвай Карэі. Мастацтва і экстрым» у кінатэатрах «Піянер» у Мінску і «Радзіма» ў Магілёве:

Уікэнд «Класавая барацьба»

·        14 сакавіка, субота – «Паразіты», Пон Чжун Хо («Піянер»)

·        15 сакавіка, нядзеля – «Палаючы», Лі Чхан-дон («Піянер» і «Радзіма»)

Уікэнд «Пон Чжун Хо»

·        21 сакавіка, субота – «Успаміны пра забойства», Пон Чжун Хо («Піянер» і «Радзіма»)

·        22 сакавіка, нядзеля – «Сабакі, што гаўкаюць, ніколі не кусаюць», Пон Чжун Хо («Піянер» і «Радзіма»)

Уікэнд «Паязды пад пільным наглядам»

·        28 сакавіка, субота – «Скрозь снег», Пон Чжун Хо («Піянер» і «Радзіма»)

·        29 сакавіка, нядзеля – «Поезд у Пусан», Ён Сан Хо («Піянер» і «Радзіма»)

Уікэнд «АРТ-і-ШОК»

·        4 красавіка, субота – «Олдбой», Пак Чхан Ук («Піянер» і «Радзіма»)

·        5 красавіка, нядзеля – «Чалавек, месца, час і зноў чалавек», Кім Кі Дук («Піянер» і «Радзіма»)

Паказы праходзяць на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі. Пачатак усіх сеансаў – 18:00.

Сачыце за навінамі праекта на сайце artcorporation.by і ў сацыяльных сетках па хэштэгу #koreanweekends.