«Салодкае жыццё»: беларуская прэм'ера эпахальнай карціны праз 60 гадоў

Ушаноўваем стагоддзе з дня нараджэння маэстра Федэрыка Феліні: у пракат выходзіць адзін з самых важных і ўплывовых фільмаў у гісторыі – «Салодкае жыццё». Дэкадэнцкая Італія 1960-х, спакойны Марчэла Мастраяні, чароўная музыка Ніна Роты – усё гэта ўпершыню ў беларускім кінапракаце. Самую касавую стужку Феліні пакажуць з 5 па 18 сакавіка ў Falcon Club Буцік Кіно на італьянскай мове з рускімі субтытрамі ў якасці 4К.

Сладкая жизнь

Журналіст Марчэла паглыблены ў салодкае, распуснае жыццё Вечнага горада. Яго можна параўнаць з Вяргіліем, які праходзіць усе кругі сучаснага пекла і назірае «боскую камедыю» Рыма канца 50-х. Жанчыны як цені змяняюць адна адну, не кранаючы яго пачуцці. Нават амерыканская кінадзіва Сільвія, увасабленне сексуальнасці і распусты, не выводзіць яго з стану абсалютнай абыякавасці да ўсяго і ўсіх. Раптоўнае самагубства яго сябра Штайнера, які не знайшоў сэнсу ў такім жыцці, прыводзіць Марчэла да катарсісу...

Сладкая жизнь

Драма «Салодкае жыццё» выклікала ў Італіі скандал і ганенні з боку царквы і нейкі час была забаронена для паказу. «Салодкае жыццё» з'яўляецца кульмінацыяй ранняга перыяду творчасці Феліні і пачаткам супрацоўніцтва рэжысёра з акцёрам Марчэла Мастраяні. Таксама драма стала трыумфатарам Канскага кінафестывалю 1960 года («Залатая пальмавая галіна»), атрымала «Оскар» за лепшыя касцюмы і тры намінацыі – за рэжысуру, сцэнарый і дэкарацыі.

Федэрыка Феліні - унікальны рэжысёр з надзвычай багатай творчай спадчынай, якая працягвае ўплываць на кінематаграфістаў і гледачоў па ўсім свеце. Вялікі даследчык чалавечых пачуццяў і эксперыментатар спалучаў фірменны карнавальны стыль, палёт фантазіі і шчымлівую шчырасць.

Гэтая трохгадзінная панарама жыцця Рыма – не толькі агульнапрызнаная вяршыня творчасці Феліні, але і вяха ў гісторыі ўсяго сусветнага мастацтва. Рэжысёр паказаў пасляваенныя змены ў італьянскім і еўрапейскім грамадстве, спалучаючы атмасферу маральнай апатыі і сексуальную шчырасць, горкую іронію і сюррэалістычныя вобразы.

Галоўныя ролі ў стужцы сыгралі Марчэла Мастраяні, Аніта Экберг і Анук Эме. Для галоўнай ролі ў «Салодкім жыцці» рэжысёру быў патрэбны абагульнены вобраз рымляніна-інтэлектуала, без характэрных рыс. На першай сустрэчы з Мастраяні ён заявіў: «Ты мне патрэбны, таму што ў цябе звычайны, нічым не прыметны твар».

У эпізадычных ролях з'явіліся будучыя зоркі Адрыяна Чэлентана і Ніка. Музыку для фільма напісаў праслаўлены Ніна Рота.

Адзін з самых папулярных італьянскіх фільмаў – «Вялікая прыгажосць» Паала Сарэнціна – з'яўляецца своеасаблівым рэмейкам стужкі Федэрыка Феліні. Таксама дзякуючы «Салодкаму жыццю» ўвайшло ва ўжытак слова «папарацы»: героя Марчэла Мастраяні ўвесь час пераследаваў малады фатограф па імені Папараца.