«Лістапад» is coming: Мінскі кінафестываль адкрывае прыём заявак

«Лістапад» адкрывае прыём заявак

27-мы «Лістапад» абвяшчае старт прыёму заявак у конкурсныя праграмы. Найбуйнейшая кінападзея краіны ў гэтым годзе пройдзе з 6 па 13 лістапада. Падаць свой фільм на Мінскі міжнародны кінафестываль можна ў рамках шасці праграм:

·          Асноўны конкурс ігравога кіно

У фокусе асноўнага конкурсу ігравога кіно – фільмы краін былога камуністычнага блока. Запоўніць заяўку можна тут.

·          Конкурс ігравога кіно «Маладосць на маршы»

У конкурс «Маладосць на маршы» адбіраюцца дэбюты з усяго свету: першыя ці другія карціны ў рэжысёрскай фільмаграфііЗапоўніць заяўку можна па спасылцы.

·          Асноўны конкурс дакументальнага кіно

У асноўны конкурс дакументальнага кіно прымаюцца поўнаметражныя і сярэднеметражныя карціны, створаныя ў краінах былога камуністычнага блока. Спасылка на прыём заявак у праграму.

·          Конкурс нацыянальных кінашкол (дакументальнае кіно)

У Конкурс нацыянальных кінашкол адбіраюцца дакументальныя студэнцкія, у тым ліку дыпломныя, працы з усяго свету: кароткаметражныя, сярэднеметражныя і поўнаметражныя. Вось тут – спасылка на заяўку.

·          Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лiстападзiк»

Не абмежаваны геаграфічнымі рамкамі і конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лiстападзiк». Падаць свой поўнаметражны фільм можна па спасылцы.

·          Нацыянальны конкурс

У Нацыянальным конкурсе ўдзельнічаюць поўнаметражныя, сярэднеметражныя і кароткаметражныя ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны, створаныя беларускімі аўтарамі на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, а таксама фільмы, знятыя замежнымі кінематаграфістамі, у цэнтры якіх – Беларусь, яе мінулае і яе сучаснасць. Запоўніць заяўку можна тут.

Да ўдзелу ў ММКФ «Лістапад» прымаюцца карціны, створаныя за апошнія паўтара года. Падрабязней азнаёміцца ​​з парадкам, умовамі і тэрмінамі прыёму заявак можна ў раздзеле «Удзельнікам». Палажэнне аб правядзенні 27-га ММКФ знаходзіцца ў раздзеле «Рэгламент».

Фестываль прымае заяўкі на ўдзел да 31 жніўня 2020 года ўключна.

Кожную восень Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» становіцца галоўнай кінападзеяй Беларусі. На працягу тыдня на 6 пляцоўках сталіцы паказваюцца больш за 150 фільмаў з больш чым 50 краін. Сеансы суправаджаюцца размовамі гледачоў з аўтарамі ў фармаце Q&A. Індустрыяльная платформа Bel:Cinema дапаўняе праграму фестывалю майстар-класамі, рэтраспектыўнымі паказамі і лекцыямі для кінематаграфістаў.

З 2013 года ММКФ «Лістапад» акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсераў (FIAPF). Фестываль кожны год наведваюць да 20 000 гледачоў і больш за 100 гасцей з усяго свету.

У розныя гады на ММКФ «Лістапад» перамагалі фільмы рэжысёраў з Украіны, Румыніі, Эстоніі, Венгрыі, Балгарыі, Польшчы, Германіі і іншых краін. Уладальнікамі Гран-пры фестывалю ў папярэднія гады сталі: Валянцін Васяновіч («Атлантыда»), Раду Жудэ («Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары»), Райнэр Сарнэт («Лістапад»). Галоўнай узнагароды асноўнага конкурсу дакументальнага кіно ўдастойваліся Ян Сунь і С. Леа Чыян («Наша машына часу»), Аліса Каваленка («Хатнія гульні»), Арунас Матэліс («Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет»). У конкурсе «Маладосць на маршы» лепшымі станавіліся фільмы Андрэаса Хорвата («Ліліян»), Жаана Салавісы і Рэнэ Надэр Месоры («Мёртвыя і іншыя»), Іліяна Мецева («Тры чвэрці»).

Заснавальнікамі ММКФ «Лістапад» з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках Facebook, Instagram, ВКонтакте.