Кіно Алега Чорнага.
Рэжысёр
Алег Чорны
Правы
Алег Чорны
Сеанс 1
Праекцыя ўжо пачалася (Францыя, 2006)
Італьянскі філосаф Джорджа Агамбен жыве ў Венецыі. Па яго словах, гэта адзіны еўрапейскі горад, які не ператварыўся ні ў музей, ні ў цытадэль уяўнай актуальнасці, адзіны горад, які перажыў уласную смерць і стаў прывідам.
2007 МКФ у Ротэрдаме (Нідэрланды) – сусветная прэм’ера
Эфебы і куртызанкі (Францыя, 2004)
За стойкай змрочнага парыжскага бара на фоне тлуму галасоў, твараў, якія хутка змяняюць адзін аднаго, працягваецца дыспут з цытатамі на арабскай мове, эратычны сюжэт якога – дзяўчаты і юнакі.
2005 МКФ у Ротэрдаме (Нідэрланды)
Генеральная лінія (Францыя, Італія, 2010)
Фільм адкрываецца павольнай панарамай з відам на прамысловы раён Венецыі і вяршыні гор удалечыні. Чуваць крык чаек, урыўкі размоў выпадковых мінакоў і іншыя шумы горада. Хутка нешта пачне адбывацца з самім пейзажам…
2010 Венецыянскі МКФ (Італія)
Поўдзень ля магілы Фальканэці (Францыя, 2011)
Пажылы мужчына сядзіць у цені дрэваў на могілках Манмартр у Парыжы, ля магілы выбітнай актрысы Фальканэці (1892–1946). Яна атрымала сусветнае прызнанне, калі знялася ў нямым фільме Карла Тэадора Дрэера «Пакуты Жанны д'Арк» (1928).
2012 Венскі МКФ (Аўстрыя)
Што да рымскіх салдат (Італія, 2015)
Сонечны промень пранікае праз вакно, падае на палатно Цінтарэта і асвятляе адносна невялікую дэталь карціны.
Сеанс 2
Скерца (Францыя, 2019)
Стары сядзіць на тэрасе кавярні, паліць сігару і дапівае свой віскі. Насуперак штодзённасці таго, што адбываецца, немагчыма не адчуць, як свет вакол яго перажывае серыю нябачных метамарфоз.
Дудачкі (Германія, 2007)
Яркае сонца, лес, неба адлюстроўваецца ў возеры, а на беразе на траве – людзі, якія паводзяць сябе нязвыкла: грымаснічаюць альбо выкрыкваюць пасярод чужой фразы нецэнзурныя словы.
Горшы фільм (ЗША, 2014)
Эксцэнтрычныя паводзіны амерыканскага рэжысёра Стэна Брэкіджа былі зафіксаваны ў розных сітуацыях у розных геаграфічных шыротах. Сёння яго сябар П. Адамс Сітні факусуе ўвагу на прадмеце, які быў у цэнтры тых далёкіх падзей.
Ліст без дрэваў для Бертальта Брэхта (ЗША, 2012)
На тэрыторыі кампуса Прынстанскага ўніверсітэта, побач з музеем, дзе, мяркуючы па афішы, адбываецца выстава лэнд-арта, чалавек уступае ў недарэчную канфрантацыю з зямной стыхіяй.
Праметэй і Эпіметэй (Францыя, 2018)
Фільм адкрываецца знікненнем чалавечай фігуры ў балеце ценяў і чорных кадраў паміж секвенцыямі.

Алег Чорны
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мінску. Вучыўся ў Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў і студыі сучасных мастацтваў Лё Фрэнуа (Францыя). Аўтар дакументальных і ігравых фільмаў, а таксама работ, якія не ўкладваюцца ў межы традыцыйных жанраў (эксперыментальнае кіно, відэамастацтва і інш.). Яго фільмы дэманстраваліся на міжнародных кінафестывалях і ў культурных цэнтрах, прысвечаных сучаснаму мастацтву. У 2018 годзе ўдзельнічаў у групавой выстаўцы «ZBOR In Progress» у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у Мінску.